Грамадства
Служу Рэспубліцы Беларусь! На Гомельшчыне завершаны навучальныя зборы па тэрытарыяльнай абароне
02.06.2023
За час навучальных збораў 134 ваеннаабавязаныя з Гомеля і Мазыра выканалі свой грамадзянскі абавязак па абароне роднай Гомельшчыны і на справе даказалі, што гатовыя абараняць сваю малую радзіму, сем'і, свабоду.
– Нельга спадзявацца на выпадак, наўдалую, трэба трымаць порах сухім, рыхтаваць баяздольную армію, узбройвацца, вучыць воінаў і кожнага абараняць Радзіму, – упэўнены намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. – Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну, асабліва шчыруюць недружалюбныя краіны-суседзі. Яны год ад года павялічваюць аб'ёмы фінансавання на ваенныя патрэбы, узмоцненымі тэмпамі пераўзбройваюць арміі і павялічваюць іх колькасць. У гэтых умовах мы павінны зрабіць усё для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.
Як падкрэсліў Дзмітрый Вадзімавіч, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны пачалася не ўчора, яна вядзецца з 2000-х гадоў. За гэты час адпрацаваны пытанні яе планавання і ўдасканалення. Вучэнні паказалі, што ваеннаабавязаныя здольныя правільна выконваць пастаўленыя задачы, тэраабарона – гэта важны складнік ваеннай бяспекі.
Узнагароды атрымалі ўдзельнікі вучэнняў, якія найбольш актыўна праявілі сябе за гэтыя чатыры тыдні. Сярод іх – камандзір узвода аховы тэрытарыяльнай абароны, лейтэнант Валянцін Акунёў. Ён назваў зборы святам:
– За гэты час я шмат для сябе адкрыў у плане ваенна-практычных ведаў. Пазнаў, як камандзір узвода павінен камандаваць асабовым складам, якія баявыя задачы выконваць. Набыў шмат новага: у першую чаргу сяброў, вайсковых таварышаў. Кожны з нас гатовы абараніць Беларусь пры неабходнасці.