Грамадства
Больш за 200 дзяцей і падлеткаў з Беларусі і Расіі аб'яднае маладзёжны форум у Гомелі
30.05.2023
У канцы чэрвеня абласны цэнтр стане месцам традыцыйнай сустрэчы рабят з Гомельшчыны і Браншчыны.
У гэтым годзе мерапрыемства пройдзе пад дэвізам «Адзінства. Мір. Стварэнне». Плануецца, што ўдзел прымуць больш за сто чалавек як з беларускага, так і з расійскага боку, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта.
Умоўна сустрэчу можна падзяліць на тры вялікія блокі. З 23 па 25 чэрвеня падлеткаў прыме маладзёжны лагер "Дружба – 2023". 120 хлопчыкаў і дзяўчынак (па 50 з Гомельскай і Бранскай абласцей, і 20 з Курскай) разгорнуць палаткі на тэрыторыі спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС – там ахоўваемая тэрыторыя, прыгожая прырода і вялікая пляцоўка, на якой можна праводзіць фестываль маладых выканаўцаў, творчыя спаборніцтвы, выставы. Каб маладыя блогеры аператыўна дзяліліся ўражаннямі з сябрамі, будзе працаваць прэс-цэнтр з бясплатным вайфаем. Таксама запланавана дыялогавая пляцоўка, спікерам на якой стане старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" Вадзім Гігін.
– З нашага боку мы б хацелі запрасіць для нефармальных зносін з моладдзю шматразовага чэмпіёна свету па самба Арцёма Асіпенкі і юнага героя Фёдара, які выратаваў дзвюх дзяўчынак у адным з прыгранічных раёнаў, – адзначыла часова выконваючая абавязкі намесніка губернатара Бранскай вобласці Валянціна Міронава. – Падобныя сустрэчы прымежных рэгіёнаў сталі ўжо традыцыйнымі, і прыемна, што яны працягваюцца, нягледзячы ні на што.
Распрацавана асобная праграма для хлопчыкаў і дзяўчынак – іх запрашаюць у дзіцячы лагер «Крыніца славянскага сяброўства» ў ДРАЦ «Рамантыка». 23–24 чэрвеня пройдуць майстар-класы, дыялогавыя пляцоўкі, экскурсія на мемарыял "Партызанская крынічка", канцэрты і дыскатэкі ў гомельскім парку.
Асноўныя мерапрыемствы ў рамках традыцыйнай сустрэчы прыгранічных абласцей адбудуцца 24 чэрвеня. Галоўнай пляцоўкай стане набярэжная ракі Сож. Гамяльчане, афіцыйная дэлегацыя Бранскай вобласці, прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў Гомельшчыны ўскладуць кветкі да Вечнага агню ля брацкай магілы воінаў і падпольшчыкаў. Пасля ўрачыстага шэсця ўдзельнікі сустрэчы адправяцца да скульптурнай кампазіцыі "Лодачнік", дзе разгорнецца маштабная гістарычная рэканструкцыя.
Свята нікога не пакіне абыякавым. У планах арганізаваць тэматычныя лакацыі, якія будуць уключаць у сябе выставу «Прам-экспа», дрыфт-трайк, стрытбол, фестываль кавер-бэндаў, рамесны кірмаш вырабаў ручной працы, музейныя і бібліятэчныя экспазіцыі, модныя кірмашы. Навінка гэтага года – спаборніцтва за званне наймацнейшага славяніна. Завершыцца ўрачыстасць маладзёжнага сяброўства маштабнай дыскатэкай.