Настройкі
Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі работуу сістэмы аховы здароўя, пажарную абстаноўку, сітуацыю на палях

29.05.2023

Старшыня аблвыканкама Іван КРУПКО даручыў скласці графік рамонту, замены і закупкі дарагога абсталявання для бальніц і паліклінік вобласці на 2024 і 2025 гады, каб наперад разумець, колькі сродкаў спатрэбіцца на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў.

ПАЦЫЕНТ НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ

На мінулым тыдні Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях аховы здароўя. На планёрцы ў губернатара тэму таксама не пакінулі без увагі. Пры відавочных поспехах галіны існуе шэраг праблем. Але гэта не значыць, што на іх не зважалі, проста вырашалі не заўсёды ў аптымальныя тэрміны. З пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач на Гомельшчыне большую частку плануюць выканаць за чэрвень. На найбліжэйшую перспектыву застанецца толькі 15% парушэнняў, іх вырашаць да 31 снежня.

Аб чым ідзе гаворка? У першую чаргу да 1 студзеня ў краіне неабходна забяспечыць даступную і якасную меддапамогу на ўсіх узроўнях, асабліва ў аграгарадках і малых населеных пунктах. Навесці парадак у рабоце ФАПаў, пры неабходнасці замяніць іх на рэгулярныя перасоўныя медпункты. Ад устаноў аховы здароўя патрабуюць захавання санэпідрэжыму і належнага стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. У спісе задач – недапушчэнне прастою дарагога абсталявання, захаванне кадравага патэнцыялу, правядзенне якаснай дыспансэрызацыі, узмацненне працоўнай дысцыпліны.

– Часу на разварушэнне няма, Прэзідэнт выразна абазначыў тэрміны – даваць справаздачу рэгіёны будуць у канцы года.Але вычарпальныя меры трэба зрабіць нашмат раней, – патрабуе ад медыкаў старшыня аблвыканкама.

У рэгіёне створана рабочая група, якая будзе раз на месяц маніторыць сітуацыю ў галіне. Іван Крупко ўнёс прапанову ўключыць у яе работнікаў пракуратуры, камітэта дзяржкантролю і прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса.

РЭЙД ПА ГАРАЧЫХ АДРАСАХ

Бяспека на неэксплутаваных аб'ектах – адно з галоўных пытанняў парадку дня нарады. У падобных будынках рэгулярна фіксуюцца ўзгаранні і траўміраванне людзей. На ўліку абласнога МНС больш за 1100 аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, бяспека забяспечана ў 95 працэнтах з іх, доступ у 18 не абмежаваны. Больш за тое, некаторыя знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да ўстаноў адукацыі, а ўсім вядома, што падобныя будынкі становяцца месцам збору непаўналетніх і ўяўляюць пагрозу іх жыццю. Да таго ж пакутуюць людзі і пры несанкцыянаванай разборцы закінутых будынкаў. Самы дзейсны спосаб рашэння праблемы – знос і ўцягванне ў гаспадарчы абарот. З пачатку года 51 аб'ект знесены, частка адноўлена. Аднак некаторыя застаюцца безгаспадарчымі.

Асобную ўвагу ратавальнікі звяртаюць на старыя і пустыя дамы, дзе рэгулярна адбываюцца пажары, па некаторых адрасах – некалькі разоў. У вобласці прынята рашэнне аб зносе 763 такіх аб'ектаў, цяпер знесена крыху больш за 70.

– Старшыні райвыканкамаў, паскарайцеся. Патрэбныя сродкі мы вылучым. Рыхтуйце нарматыўныя дакументы і ўключайцеся ў працу па зносе. І абавязкова праверце месцы агульнага карыстання: гарышчы, падвалы на прадмет даступнасці і захламленасці.Гэта бяспека нашых грамадзян, – падкрэсліў губернатар.

Сустрэнем з душой

У жніўні Беларусь будзе прымаць ІІ Гульні краін СНД. Частка спаборніцтваў пройдзе ў нашай вобласці, да сустрэчы гасцей Гомель і Жлобін рыхтуюцца ўжо зараз. Створана рабочая група, вырашаны арганізацыйныя пытанні па суправаджэнні ўдзельнікаў і суддзяў. У месцах правядзення гульняў займаюцца дадатковым добраўпарадкаваннем, распрацавана адзіная канцэпцыя іх афармлення.

У абласным цэнтры адкрыюць фан-зону, для балельшчыкаў арганізуюць культурную, спартыўную і турыстычную праграму. Дзеці са школьных лагераў абавязкова стануць сведкамі маштабнага свята – для іх зробяць паходы на спаборніцтвы і прагляд гульняў анлайн.

 Прадугледжаны выязны гандаль, продаж сувеніраў і фірменнай прадукцыі прадпрыемстваў рэгіёну. Паклапаціліся і аб ахове грамадскага парадку.

– Мы запрасілі нямала гасцей. Каб пазбегнуць затораў на цэнтральных вуліцах Гомеля, разгледзьце магчымасць стварэння кішэняў для аўтобусаў і тралейбусаў на прыпынках грамадскага транспарту, не ўсюды яны ёсць, – даў даручэнне старшыня аблвыканкама мэру і транспартнікам.

 Даручэнне губернатара

Старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам сферы АПК – актывізаваць работу па нарыхтоўцы кармоў, павялічыць штодзённы тэмп.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ