Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Пётр Кірычэнка: дзе ёсць прафсаюзная пярвічка і важкая калектыўная дамова, там спакойная сацыяльная абстаноўка

20.11.2023
Такую думку агучыў старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў на пашыраным пасяджэнні прэзідыума савета.

Адным з важных пытанняў абмеркавання парадку дня стала тэма павелічэння колькасці і ўзроўню ахопу прафсаюзнага членства ў арганізацыях і прадпрыемствах Гомельскай вобласці. Па стане на 1 лістапада на абслугоўванні ў абласных арганізацыях галіновых прафсаюзаў знаходзіцца 3867 пярвічак. Ахоп прафчленствам па Гомельшчыне складае 96,8 працэнта, з іх 76 працэнтаў мае 100-працэнтны ахоп.

– Мы на пастаяннай аснове праводзім работу па захаванні і павелічэнні колькасці членаў прафсаюза на прадпрыемствах і ў арганізацыях Гомельскай вобласці. Работа па ўмацаванні прафсаюзных шэрагаў, матывацыя членства з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нашай дзейнасці. Як паказвае практыка, на прадпрыемстве, дзе ёсць пярвічка і важкі калектыўны дагавор, – спакойная сацыяльная абстаноўка, а там, дзе няма прафсаюза, парушэнні заканадаўства аб працы і аб ахове працы сустракаюцца значна часцей, а магчымасцей адстаяць свае законныя правы значна менш, – падкрэсліў старшыня аб'яднання Пётр Кірычэнка.

Адзначаны станоўчы вопыт працы ў гэтым пытанні Гомельскіх абласных арганізацый прафсаюзаў працаўнікоў сувязі, адукацыі і навукі, банкаўскіх і фінансавых работнікаў. У гэтых галінах адсутнічаюць арганізацыі, дзе прафсаюзнае сяброўства менш за 80 працэнтаў. Ёсць дынаміка па павелічэнні колькасці членаў прафсаюзаў у абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці.

Разглядалася пытанне і аб заключэнні калектыўных дагавораў у арганізацыях Гомельскай вобласці. У Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва за 10 месяцаў ужо заключана 9 новых калектыўных дагавораў, у тым ліку адзін – у першаснай прафсаюзнай арганізацыі, створанай у жніўні.

– Да канца года плануецца заключыць яшчэ 7 «мясцовых канстытуцый» у арганізацыях прыватнай формы ўласнасці галіны, – адзначыла старшыня абласнога галіновага прафсаюза Таццяна Валынец.

Пётр Кірычэнка падкрэсліў, што трэба праводзіць сустрэчы, сходы з працоўнымі калектывамі ў пярвічках, растлумачваць работнікам і наймальнікам перавагі калектыўнага дагавора. Работа па заключэнні калдагавораў у кожнай арганізацыі, дзе створаны першасныя прафсаюзныя арганізацыі, у тым ліку і малалікіх, будзе прадоўжана.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ