Не ўпусціць ні аднаго маладога спецыяліста. На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме разгледзелі пытанне кадравага забеспячэння сельскай гаспадаркі

На кантролі не толькі цэны
У вобласці працягваецца комплексная работа па кантролі сістэмы цэнаўтварэння. Зрэшты, у ходзе штотыднёвых маніторынгаў выяўляюцца розныя парушэнні правілаў гандлю, і не толькі выпадкі неабгрунтаванага завышэння цэн, але і адсутнасць саміх цэннікаў, і тэрміны прыгоднасці тавараў. Часцей за ўсё невыкананне правілаў фіксуюць у невялікіх крамах, пераважна ў сельскай мясцовасці. За мінулы тыдзень, да прыкладу, у гандлёвых аб'ектах Гомельскага раёна ўстаноўлена 15 парушэнняў, у тым ліку наяўнасць пратэрмінаванага тавару.
Пратэрміноўка на прылаўках – сур'ёзнае парушэнне, і караць за яго трэба адпаведным чынам, асабліва калі такія факты выяўляюцца паўторна на працягу кароткага часу. У гэтым выпадку, падкрэсліў кіраўнік вобласці, неабходна прыпыняць работу крамы да ліквідацыі ўсіх парушэнняў, незалежна ад яго гандлёвай плошчы і месца размяшчэння.
Акрамя таго, у вобласці ўжо на стадыі завяршэння работа па адыходу ад бартэрных схем пры ўзаемных разліках сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Ёсць больш цывілізаваныя і празрыстыя метады аплаты паставак, унясення плацяжоў, выкарыстоўваючы якія гаспадаркі і эканоміка рэгіёна ў цэлым толькі выйграюць.
Перш за ўсё, годныя зарплата і жыллё
Падрабязна абмеркавалі пытанне падрыхтоўкі кадраў для сельскагаспадарчай галіны. АПК Гомельшчыны, дарэчы, укамплектаваны кадрамі на 90%, адчуваецца недахоп спецыялістаў ветэрынарнай службы (больш за ўсё), а таксама заатэхнічнай, агранамічнай, інжынернай. Адна з эфектыўных мер па прыцягненні маладыхспецыялістаўу гаспадаркі – мэтаваенакіраванне ў ВНУ і ССНУ аграрнага профілю. Студэнты і навучэнцы з такімі накіраваннямі, так званыя мэтавікі, з большай верагоднасцю замацоўваюцца на працоўных месцах у канкрэтных сельгасарганізацыях. Для іх прадугледжаны павышаная стыпендыя (за кошт гаспадаркі), розныя стымулюючыя выплаты пры прыёме на працу. Натуральна, узрастае і тэрмін адпрацоўкі. Аднак гарантыяй замацавання такога спецыяліста, падкрэсліў Іван Крупко, было і будзе стварэнне аптымальных умоў працы і пражывання на новым месцы працы, а таксама дастойная заработная плата – ніяк не менш сярэдняй зарплаты ў рэгіёне.
Было падкрэслена, што кожны работнік на сяле цяпер на вагу золата, і раскідвацца кадрамі не дазволяць ніводнаму кіраўніку. Калі малады спецыяліст, адпрацаваўшы належны тэрмін па размеркаванні, адразу звальняецца, гэта гаворыць толькі аб адным – аб нядбайнасці кіраўніцтва. Замацаванасць кадраў на вёсцы павінна стаць мерай адказнасці не толькі кіраўнікоў гаспадарак, але і кадравых службаў, саміх старшынь райвыканкамаў, падкрэсліў губернатар.
Найлепшым чынам падбор будучых кадраў для АПК арганізаваны ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Добрушскім, Петрыкаўскім раёнах, дзе заключана больш за ўсё дагавораў з мэтавікамі. Прыведзены станоўчы прыклад Рагачоўскага раёна, рабят з якога рэгулярна возяць на экскурсіі ў вядучую аграрную ВНУ краіны – сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Ёсць і адсталыя тэрыторыі, дзе не ўдаецца заключыць ніводнага мэтавага накіравання. Узмацніць гэтую работу даручана ў Лельчыцкім, Калінкавіцкім, Светлагорскім раёнах.
Шукаць працоўныя рукі для вёскі трэба нават не са студэнцкай парты, але і са школьнай. Дарэчы, у вобласці пры школах створана ўжо 68 аграрных класаў. І ў далейшым гэтая практыка будзе толькі пашырацца.
Задача: аптымізаваць пасажырапаток
Акрамя таго, на нарадзе разгледзелі найбольш папулярныя праблемы, узнятыя насельніцтвам вобласці на старонках сацсетак, у месэнджэрах. На мінулым тыдні часцей за ўсё абмяркоўваліся тэмы рамонту дарожнага пакрыцця, мастоў і тратуараў, а таксама выпадкі падтаплення падворкаў з-за паводак, вядома ж, пытанні ЖКГ. Было адзначана, што зваротная сувязь з жыхарамі рэгіёна наладжана нядрэнная. Водгук на падобныя сігналы паступае неадкладна: у шэрагу выпадкаў праблемы рашаюцца за лічаныя гадзіны.
Сярод паднятых тэм была і загружанасць грамадскага транспарту ў гадзіны пік. У больш вольныя гадзіны ён ходзіць паўпарожнім, перавозкі дрэнна акупляюцца. Губернатар даручыў заняцца гэтай праблемай, характэрнай, дарэчы, для ўсіх буйных гарадоў вобласці. Неабходна разгледзець усе магчымасці, каб упарадкаваць рух транспарту, узгадніць яго з працай буйных прадпрыемстваў, аптымальна размеркаваць маршруты.