Улада
Крупко: у прыбіранні снегу кожнае прадпрыемства павінна дакладна ўсведамляць зону сваёй адказнасці
19.12.2022

19 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пры ліквідацыі наступстваў снегападаў кожнае прадпрыемства, у тым ліку і замацаванае за канкрэтнымі ўчасткамі, павінна дакладна ўсведамляць зону сваёй адказнасці. Акцэнт на гэтым зрабіў сёння старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на апаратнай нарадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказаў першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Германаў, у абласным цэнтры вызначаны парадак узаемадзеяння службаў па прыбіранні снегу, галалёду, вызначаны адказныя, а таксама месцы складзіравання снегу.
"Тэрыторыя горада ўмоўна падзелена на тры зоны адказнасці. Цэнтральныя магістральныя вуліцы прыбіраюць сіламі прадпрыемстваў "ГарСАП" і "Чырвонага гваздзіка", дваровыя тэрыторыі - КЖРЭУП, вуліцы прыватнага сектара - прыцягнутай тэхнікі прадпрыемстваў і арганізацый", - растлумачыў першы намеснік старшыні гарвыканкама. Ён дадаў, што вуліцы горада разбіты на дзве падгрупы. Да тых, што прыбіраюцца ў першую чаргу, адносяцца тыя, па якіх рухаецца грамадскі транспарт, дабіраюцца людзі на работу. У другую чаргу - усе астатнія. Усяго ў Гомелі 805 вуліц, удакладніў Аляксандр Германаў.
Так, "ГарСАП" прыбірае 426 вуліц. Пры неспрыяльным надвор'і прадпрыемства арганізуе кругласутачнае дзяжурства і работу спецыялізаванай тэхнікі. "Для пасыпання і ачысткі вуліц у час снегападу на прадпрыемстве задзейнічаюць 43 адзінкі тэхнікі: 17 камбінаваных дарожных машын (КДМ), 4 тратуарныя, 8 МАЗаў для пасыпання пясчана-саляной сумессю, 12 трактароў са шчоткай і адвалам і 2 грэйдары. Плюс для пагрузкі і вывазу снегу - 3 пагрузчыкі "Амкадор", 3 пагрузчыкі "Залатыя ручкі", 6 самазвалаў. Для кантролю і аператыўнага рэагавання на змяненні дарожнай абстаноўкі, умоў надвор'я на дарожнай тэхніцы прадпрыемства ўстаноўлены сістэмы кантролю GPS.
У "Чырвонага гваздзіка" для прыбірання сквераў і замацаваных пешаходных зон ёсць 12 адзінак тэхнікі. КЖРЭУП вядуць прыбіранне дваровых тэрыторый і пешаходных зон з дапамогай 36 адзінак.
Для расчысткі вуліц прыватнага сектара прыцягваюць больш за 90 машын замацаваных вытворчых прадпрыемстваў.
Аляксандр Германаў удакладніў, што на цэнтральных вуліцах распрацаваны больш за 1,5 тыс. схем замацавання тэрыторыі за суб'ектамі гаспадарання. "Аднак, на жаль, мінулы снегапад паказаў, што не ўсе суб'екты (а гэта магазіны, гандлёвыя цэнтры, банкі, прыватныя кампаніі і г.д. - Заўвага БЕЛТА) своечасова выходзяць і прыбіраюць прылеглую тэрыторыю", - звярнуў увагу ён.
"Снегапады паказалі тыя месцы, дзе трэба ў цэлым сканцэнтраваць увагу камунальным службам, прадумаць узаемазамяняльнасць. Гэту работу трэба дэталізаваць. Плюс неабходны дысцыпліна, кантроль менавіта з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў", - сказаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуў увагу: "Кожнае прадпрыемства, арганізацыя, у тым ліку і замацаваныя за канкрэтным участкам, павінны дакладна разумець алгарытм дзеянняў, правілы, зону і ступень сваёй адказнасці, каб увесь працэс быў дакладана наладжаны, а наступствы снегападаў устараняліся аператыўна".-0-