Эканоміка
ЭКАНОМІКА: агульныя аспекты
Гомельская вобласць з'яўляецца найбуйнейшай у Рэспубліцы Беларусь. Плошча яе тэрыторыі - амаль сорак з паловай тысяч квадратных кіламетраў, што складае пятую частку тэрыторыі рэспублікі. Гомельшчына размешчана на паўднёвым усходзе Беларусі. Мяжуе з Бранскай вобласцю Расіі, а таксама з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцямі Украіны.
Насельніцтва Гомельскай вобласці складае 1347,4 тысячы чалавек (14,7% агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі), у эканоміцы занята 572,7 тысячы чалавек. У адміністрацыйным цэнтры - горадзе Гомелі - колькасць насельніцтва складае 504 тысячы жыхароў.
Важным аспектам геаграфічнага патэнцыялу рэгіёну з'яўляецца наяўная база прыродных рэсурсаў. На яго тэрыторыі кампактна размешчаны багатыя радовішчы калійнай і каменнай солі, бурага вугалю, шкляных пяскоў, торфу, мелу, а таксама такія рэсурсы як лес, будаўнічы камень, граніт, гіпс, гліна, гаручыя сланцы.
У структуры рэспубліканскіх аб'ёмаў Гомельская вобласць складае важны ўклад – гэта больш за 20% прамысловай вытворчасці, каля 15% будаўніча-мантажных работ, каля 12% рознічнага тавараабароту, сельскагаспадарчай вытворчасці, каля 11% экспарту тавараў.
Гомельская вобласць з'яўляецца найбуйнейшым індустрыяльным рэгіёнам рэспублікі. За 2022 год выраблена прамысловай прадукцыі на суму 33,8 млрд. рублёў. Тут працуе больш за 1500 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку 200 буйных і сярэдніх, на якіх занята практычна 150 тысяч чалавек.
Асноўнымі відамі эканамічнай дзейнасці, якія вызначаюць развіццё рэальнага сектара эканомікі Гомельскай вобласці, з'яўляюцца нафтахімічная і хімічная вытворчасць, цэлюлозна-папяровая прамысловасць і дрэваапрацоўка, металургічная вытворчасць, вытворчасць машын, харчовая прамысловасць і іншыя.
У Гомельскай вобласці ажыццяўляецца ўся здабыча беларускай нафты і газу, вырабляецца ўся беларуская цэлюлоза, металакорд, збожжа і кормаўборачные камбайны, фарфоравы посуд, больш за 90% шкла, сталі і гатовага пракату, больш за 80% харчовай солі і вырабаў з фарфору, больш за 20% фанеры, драўняна-кудзелістых пліт, металаапрацоўчых станкоў, амаль 15% беларускага калію.
На тэрыторыі Гомельскай вобласці размешчаны шэраг прамысловых гігантаў, стабільная праца якіх дазваляе рэгіёну быць канкурэнтаздольным.
У лік валаўтваральных для вобласці прадпрыемстваў уваходзяць ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», РУП ПА «Беларуснафта», ААТ «Беларускі металургічны завод», РУП «Гомельэнерга», ЭААТ «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі хімічны завод», ААТ «Светлагорскі ЦКК», ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат», ААТ «СветлагорскХімвалакно», ААТ «Тураўскі малочны камбінат».
За
апошнія гады ў вобласці рэалізаваны шэраг буйных інвестыцыйных праектаў:
павялічаны вытворчыя магутнасці ААТ «Беларускі металургічны завод», ААТ «Гомельшкло» арганізавана вытворчасць
па прамысловай перапрацоўцы шкла, ААТ «Светлагорскі ЦКК» запушчана вытворчасць
сульфатнай беленай цэлюлозы,
у Добрушы створана вытворчасць мелаванных і немелаваных відаў кардону, уведзены
ў эксплуатацыю Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат, праведзена маштабнае
тэхнічнае пераўзбраенне дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці (ААТ
«Гомельдрэў», ААТ «Рэчыцадрэў»), у сферы аднаўляльнай энергетыкі пабудаваны 4 фотаэлектрастанцыі і гідраэлектрастанцыя сумарнай магутнасцю 95 мегават, мадэрнізаваны прадпрыемствы харчовай прамысловасці (ААТ «Мілкавіта»,
кандытарская фабрыка «Спартак», Светлагорскі філіял ПУП «Калінкавіцкі малочны
камбінат») і іншыя праекты.
У мэтах нарошчвання прамысловага патэнцыялу працягнецца рэалізацыя шэрагу праектаў: будаўніцтва дрэваапрацоўчага завода (ТАА «Мазырскі лесазавод»), усталёўка абсталявання па вытворчасці пліткавага шакаладу (ААТ «Спартак»), арганізацыя вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння (УП «Алкапак»), стварэнне сучаснай вытворчасці кампанентаў механічных перадач для выпуску новага пакалення сельскагаспадарчай збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі (ААТ «Гомсельмаш»), мадэрнізацыя вытворчасці загартаванага шкла для канвеераў аўтамабільнай і бытавой тэхнікі, цяплічных гаспадарак (ААТ «Гомельшкло»), рэканструкцыя вытворчага цэха № 2 з прыбудовай цэха вытворчасці харчовых прадуктаў на аснове другаснай малочнай сыравіны (СТАА «БЕЛСЫР»), рэканструкцыя ірыснага ўчастка ААТ «Чырвоны Мазыранін» з укараненнем новага абсталявання (Нараўлянскі раён), будаўніцтва аб'екта «Цэх пелетнай вытворчасці магутнасцю 20 тыс. тон у год па адрасе вул. Рачная 30, аг. Ляскавічы» (Петрыкаўскі раён), мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцяў і стварэнне дадатковых магутнасцяў па вытворчасці метызнай прадукцыі (ААТ «Рэчыцкі метызны завод»), стварэнне сучаснай вытворчасці па выпуску высокадакладных оптыка-механічных прыбораў (ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар»), будаўніцтва цэха па вытворчасці паперы (ААТ «Светлагорскі ЦКК») і шэраг іншых.
У вобласці працуюць прадпрыемствы, створаныя з удзелам замежнага капіталу з больш як 40 краін свету, сярод якіх Расія, Украіна, Аўстрыя, Германія, Італія, Кіпр, Польшча, Латвія, Літва, Люксембург і іншыя.
Гомельская эканоміка з'яўляецца экспартаарыентаванай – больш чым 50% усёй вырабленай прадукцыі пастаўляецца на рынкі краін блізкага і далёкага замежжа.
Знешнегандлёвыя адносіны звязваюць арганізацыі Гомельскай вобласці з партнёрамі з больш чым 100 краін свету. У 2022 годзе на знешнія рынкі экспартавана тавараў на суму 4,3 млрд. даляраў ЗША.
На знешнія рынкі пастаўляюцца вырабы з чорных металаў, малочная прадукцыя, механічнае абсталяванне, вырабы з пластмасы, мінеральныя ўгнаенні, папера і кардон, мяса і мясная прадукцыя, леса- і піламатэрыялаў і іншыя тавары.
У мэтах садзейнічання развіццю інавацыйнай інфраструктуры у вобласці створаны навукова-тэхналагічны парк «Тэхнапарк «Коралл» РУСП «Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям», на плошчах якіх размешчаны і дзейнічаюць малыя інавацыйныя прадпрыемствы, якія займаюцца распрацоўкай і ўкараненнем новых і высокіх тэхналогій.
Істотны ўклад у развіццё рэгіянальнай навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ўносіць супрацоўніцтва вучоных вобласці з замежнымі партнёрамі, якое ажыццяўляецца ў рамках выканання міжнародных кантрактаў і дамоваў.
У вобласці ажыццяўляюць дзейнасць 38,4 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 8,6 тысячы арганізацый малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, 29,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.