Эканомiка
На эканамічны форум у Гомель з'ехаліся дэлегацыі з розных краін
21.09.2023

Удзел у форуме прымуць амаль 400 чалавек: прадстаўнікі дзелавых і эканамічных колаў, пасольстваў, дыпмісій.
Шырока прадстаўлена Беларусь і яшчэ дванаццаць краін свету: Азербайджан, Расія, Кітай, Італія, Іран, Пакістан, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Сірыя, Палестына, В'етнам, Узбекістан, Таджыкістан.
Галоўная бізнес-падзея рэгіёна стартавала ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў.
– Гомельская вобласць праводзіць паслядоўную палітыку ўстанаўлення ўзаемавыгадных адносін з нашымі замежнымі сябрамі. Сённяшняя сустрэча таму пацвярджэнне. Рэгіён не толькі ўмацоўвае існуючыя сувязі, але і знаходзіць новыя, у тым ліку дзякуючы садзейнічанню дыпламатычнага корпуса. Дзякуем вам, – прывітаў удзельнікаў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Канюшка. – Асабліва гэта важна зараз, калі свет знаходзіцца ў рэжыме перафармаціравання эканамічных і палітычных сувязей, калі пытанне харчовай бяспекі і якасці прадукцыі выходзіць на першы ўзровень, Гомельшчына гатова прадставіць самы шырокі выбар тавараў і паслуг.
У апошні час адносіны паміж Беларуссю і Расіяй выйшлі на новы ўзровень, на першым месцы – міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Гомельшчына за апошні год умацавала адносіны з Кіраўскай вобласцю: праведзена сустрэча губернатараў, рабочыя групы па эканамічных сувязях, сустрэчы дзелавых колаў. Як адзначыў намеснік старшыні ўрада гэтага рэгіёна Міхаіл Сандалаў, эканамічны форум стаў выдатнай міжнароднай пляцоўкай для пошуку новых партнёраў, а нашы адносіны з дружалюбнымі краінамі ўмацоўваюцца незалежна ад знешніх перамен:
– У нас наладжана выставачна-кірмашовая работа, актыўна праводзім сумесныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Мы маем канкрэтныя планы, мы хочам вывучыць патэнцыял прадпрыемстваў вашай вобласці. Спадзяюся, пасля форуму мы пашырым наша партнёрства.
Ісламская Рэспубліка Іран зацікаўлена ў набыцці ў Беларусі і, ў прыватнасці, Гомельскай вобласці горназдабываючай, сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхнікі, угнаенняў, прадукцыі дрэваперапрацоўкі, цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Пра гэта на адкрыцці форуму расказаў пасол Ірана ў Беларусі Алірэза Санеі:
– Нашы эканомікі дапаўняюць адна адну. Нам таксама ёсць што прапанаваць партнёрам: за апошнія 40 гадоў, нягледзячы на жорсткія санкцыі ЗША, абапіраючыся на магчымасці моладзі і эліт, мы дабіліся вялікіх вынікаў у бія- і нанатэхналогіях, фармацэўтыцы, вытворчасці сельгаспрадукцыі, цэменту, палімераў.