Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Культура
Культура

XII рэгіянальны фестываль "Грай, гармонік!" прайшоў у Ельску

21.08.2023

Творчы форум аб'яднаў лепшых гарманістаў, частушачнікаў, вакальныя калектывы з Беларусі і Расіі.

Гэты музычны брэнд Ельскага раёна і адно з самых маштабных мерапрыемстваў, якое мясцовыя жыхары з нецярпеннем чакаюць, любяць удзельнікі і гледачы.

Адкрыў фестываль старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосцік. Ён падкрэсліў, што конкурсы падобнага фармату аб'ядноўваюць людзей з розных рэгіёнаў і краін, спрыяюць яшчэ большаму раскрыццю творчага патэнцыялу.

Праграма насычаная: фестывальнае шэсце ўдзельнікаў, урачыстае адкрыццё, лакацыі творчасці і майстэрства з інтэрактыўнымі флэшмобамі, рознымі забаўляльнымі праграмамі на любы густ і ўзрост. Немагчыма прайсці міма Горада майстроў з унікальнымі вырабамі ўмельцаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класаў па розных відах рамёстваў. Прыцягвалі ўвагу тэматычныя сельскія падворкі са сваім каларытам, непаўторнасцю і разнастайнасцю страў нацыянальнай кухні. Так што, фестываль быў не толькі цікавым і творчым, але яшчэ і смачным.

Галоўную ўвагу гледачоў прыкоўвалі таленавітыя гарманісты і частушачнікі, якім таленту не займаць, артыстызмам і творчасцю яны шчодра дзяліліся са сцэны. А гледачы не скупіліся на гучныя апладысменты, падпявалі і прытанцоўвалі.

Мерапрыемства хоць і не было пазбаўлена спаборніцкага моманту, але ўсё роўна было больш падобным на вялікі канцэрт з народнымі матывамі, выдатным вакалам, яркімі нацыянальнымі касцюмамі і харызматычнымі артыстамі. Выкананне выклікала захапленне, а бліскучыя жарты, яркія найгрышы не змаўкалі да канца свята. Удзельнікі і гледачы атрымалі прыемныя эмоцыі і ўражанні ад свята творчасці.

Упершыню фестываль прайшоў у 1995 годзе, а з 2000-га мерапрыемства атрымала статус рэгіянальнага, але пры гэтым мэта яго застаецца адна – аб'ядноўваць творчых людзей, захоўваць і прапагандзіраваць самабытную аматарскую мастацкую творчасць.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ