Культура
Свята, якое трэба ўбачыць: у Гомельскiм раёне прайшоў старажытны абрад “Ваджэнне Сулы”
18.04.2023

Абрад “Ваджэнне Сулы” нязменна звязаны са святам Вялікадня. Ён праводзіцца на другі дзень пасля святкавання Уваскрэсення Хрыстова. Па прычыне рэлігійнай скіраванасці яго нават забаранялі ў савецкія часы: вядома, што пасля 1967 года традыцыя святкавання перарывалася на паўстагоддзя. Але затым была адроджана, дзякуючы намаганням мясцовых краяведаў.
Сёлета свята праходзіла на дзве вёскі — Гадзічава і Маркавічы — і сабрала звыш сотні ўдзельнікаў. Каб паўдзельнічаць у Суле прыехалі прадстаўнікі многіх філіялаў Цэнтра культуры Гомельскага раёна, а таксама госці з Гомеля і Мінска. Самы актыўны ўдзел у святкаванні прымалі мясцовыя жыхары.

Пачаўся абрад на вясновым полі з азімымі за вёскай Гадзічава, дзе па-святочнаму апранутыя вяскоўцы пад абрадавыя спевы завялі вялікі карагод-танок, які рухаўся зігзагамі. Значэнне гэтага танцу блізкае і важнае для кожнага вяскоўца: спадзяванні на добрае здароўе ўсім, на спрыяльнае надвор’е дзеля будучага ўраджаю: “Каб усё ў нас радзіла і маланка нас не біла”.
Затым шэсце з музыкай і спевамі рушыла па вуліцах Гадзічава і Маркавіч. Як і дзесяцігоддзі таму, вяскоўцы выходзілі насустрач, віталі гасцей і запрашалі іх да сталоў, якія выносілі прама на вуліцу.

Паглядзець на святочнае шэсце выйшла і адна са старэйшых жыхарак Гадзічава 89-гадовая Таццяна Басава. Дарэчы, маці былога настаўніка, а зараз свяшчэннаслужыцеля Рыгора Басава — аднаго з галоўных ініцыятараў адраджэння Сулы.
— Памятаю Сулу са сваёй маладосці. Гэта было сапраўды народнае свята, стаць удзельнікам якога імкнуўся кожны. Вуліцы гудзелі ад спеваў і музыкі. А сам абрад даваў нам і радасць, і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра, трэба толькі верыць і працаваць, — падзялілася Таццяна Сяргееўна.

Радуе, што сярод цяперашніх удзельнікаў “Ваджэння Сулы” — шмат моладзі. Для кагосьці ўдзел у абрадзе становіцца сямейнай традыцыяй. Напрыклад, Віктар Шыпкоў ужо на працягу шэрагу гадоў выступае адным з галоўных арганізатараў святочнага шэсця і шчырым прапагандыстам народнай культуры.
Сёлета на свяце ў Маркавічах культработнікі і ўдзельнікі самадзейных калектываў устаноў культуры Гомельскага раёна прадставілі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці і падрыхтавалі дэгустацыі велікодных пачастункаў. Таксама прайшлі майстар-клас па народна-побытавых танцах і святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў.
— Такія ўнікальныя самабытныя абрады, як “Ваджэнне Сулы”, трэба захоўваць і прапагандаваць. Гэта традыцыі, дзякуючы якім аб невялікіх населеных пунктах Гомельскага раёна ведае ўся рэспубліка. Гэта народная культура, якая яднае розныя пакаленні, — падкрэсліла начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Анастасія Лысенка.


















