Гомельскі аблдрамтэатр закрые сезон прэм'ерай "Нос маёра Кавалёва" паводле аповесці Гогаля

Трупа Гомельскага абласнога драматычнага тэатра прадставіць гамяльчанам і гасцям горада прэм'еру "Нос маёра Кавалёва" паводле аповесці Мікалая Гогаля "Нос", паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.
Маленькі чалавек з вялікімі, неабгрунтаванымі амбіцыямі - такая тэма гогалеўскай аповесці "Нос", сцэнічную версію якой прадстаўляе Гомельскі аблдрамтэатр. Аднойчы цырульнік у булцы свежага хлеба знайшоў нечаканую начынку. У якасці дадатку да рэцэпта - нос калежскага асэсара Кавалёва, які часта карыстаўся паслугамі цырульніка. "Незразумела, як гаспадар пазбавіўся такой важнай часткі свайго твару, але толькі нос, які атрымаў нечаканую свабоду, зусім расперазаўся - абзавёўся мундзірам, ды ў высокім чыне стаў з'яўляцца ў свецкім грамадстве", - расказалі ў тэатры. І як Платон Кавалёў, які для значнасці называе сябе маёрам, справіцца з такім стратамі, ці верне ўцекача назад? Адказ на гэта пытанне гледачы даведаюцца, паглядзеўшы спектакль.
Над спектаклем працуе каманда з Санкт-Пецярбурга - рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар інсцэніроўкі - галоўны рэжысёр Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра "Майстэрня" пад кіраўніцтвам Р.М. Казлова Раман Габрыя, мастак па святле - Максім Ахрамееў - разам з галоўным мастаком Гомельскага аблдрамтэатра Таццянай Стысінай. У пастаноўцы заняты артысты аблдрамтэатра Вера Грыцкевіч, Сяргей Юрэвіч, Юрый Марціновіч, Дзмітрый Папчанка і Сяргей Лагуценка.
Прэм'ерныя паказы пройдуць 29 і 30 ліпеня. 30 ліпеня пасля заканчэння спектакля адбудзецца цырымонія завяршэння 84-га тэатральнага сезона. Усе акцёры тэатра паднімуцца на родную сцэну, каб развітацца з гледачамі да верасня і сказаць усім разам фінальную традыцыйную рэпліку сезона: "Усё!"