Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Культура
Культура

Памятны медаль у гонар Кірылы Тураўскага прэзентавалі ў Гомельскай вобласці

12.05.2020

12 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Памятны медаль "Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру" ў гонар беларускага і агульнаславянскага асветніка і паэта Кірылы Тураўскага прэзентавалі анлайн у Гомельскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, паведаміў БЕЛТА старшыня абласнога аддзялення Уладзімір Гаўрыловіч, які стаў ініцыятарам стварэння медаля.
Медалём мяркуецца ўзнагароджваць пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, іншых славянскіх краін за ўклад у мастацкую літаратуру, мастацтва, кнігавыданне, культурна-асветную дзейнасць. "Узнагароды могуць быць удастоены і тыя, хто актыўна выступае за папулярызацыю творчасці беларускага і агульнаславянскага свяціцеля і паэта Кірылы Тураўскага, класікаў і сучасных аўтараў як у Беларусі, так і за мяжой", - дадалі ў абласным аддзяленні саюза. Сярод патэнцыяльных уладальнікаў медаля таксама прадстаўнікі іншых літаратурных творчых аб'яднанняў (айчынных і замежных), грамадскія і культурныя дзеячы, а таксама ў цэлым арганізацыі і прадпрыемствы - грамадскія і дзяржаўныя.
Медаль серабрыстага колеру, мае форму правільнага круга дыяметрам 32 мм. На аверсе размешчаны рэльефная выява Кірылы Тураўскага і тры надпісы на беларускай мове: "Гомельскае абласное аддзяленне ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", "Кірыла Тураўскі. Асветнік"; "За ўклад у літаратуру". На рэверсе медаля - парадкавы нумар. "Памятны медаль злучаецца з калодкай з адлюстраваннем беларускага нацыянальнага арнаменту, абцягнутай зялёнай і чырвонай стужкай", - расказалі ў аддзяленні. Адначасова ўручаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору.
Першае ўручэнне гэтага знака ўзнагароды запланавана ў час адкрыцця II Фестывалю-свята "На зямлі К.Тураўскага" і XV Міжнароднага фестывалю-свята "Славянскія літаратурныя дажынкі-2020", якія пройдуць у Гомельскай вобласці ў пачатку восені. Узнагарода заснавана ў гонар 15-годдзя абласнога аддзялення СПБ.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ