Гомельскі аблвыканкам. Афiцыйны партал

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Мемарыял "Партызанская крынічка" адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі пад Гомелем

18.08.2022

18 жніўня, Гомельскі раён /Кар. БЕЛТА/. Ваенна-гістарычны комплекс "Партызанская крынічка" на месцы базіравання ў гады вайны партызанскага атрада "Бальшавік" пад Гомелем адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэканструкцыю пачалі ў мінулым годзе. Комплекс не аднойчы быў у ліку галоўных аб'ектаў суботнікаў і акцый па добраўпарадкаванні ў рэгіёне.

Пры рэканструкцыі новы від атрымала стэла на мемарыяле. Аднавілі і зборны вобраз жыцця, побыту партызанскіх атрадаў. Так, у партызанскім лагеры пабудаваны штабная і медыцынская зямлянкі, зямлянкі сувязіста і для асабовага складу, склад прадуктаў харчавання, лясная школа. Тут жа пляцоўка для ваенна-гістарычных рэканструкцый і іншых мерапрыемстваў.

На адкрыцці кветкі да мемарыяла ўсклалі старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, кіраўнікі і прадстаўнікі дэпутацкіх корпусаў двух рэгіёнаў, кіраўніцтва вобласці, Гомеля, раёнаў, парламентарыі, ветэраны, моладзь, працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі.

З Санкт-Пецярбурга ўшанаваць памяць герояў прыехала Алена Капылова - пляменніца начальніка штаба партызанскага атрада імя Чкалава брыгады "Бальшавік" Івана Гарунова. "Для мяне гэта любімы дзядзька Ваня. Вельмі добры, вельмі разумны чалавек. Ён быў настаўнікам, дырэктарам школы, за сваю работу быў узнагароджаны ордэнам Леніна", - падзялілася Алена Капылова.

Яна расказала, што вайна ў яе сям'і закранула ўсіх. І таму для яе адкрыццё такіх аб'ектаў, як "Партызанская крынічка", - свята са слязамі на вачах. "Прыемна, што памяць герояў шануюць. Дзядзька Ваня быў адным з тых, хто хадайнічаў, каб на гэтым месцы зрабіць мемарыял. Пасля вайны партызаны тут сустракаліся часта, святкавалі Перамогу, успаміналі тых, хто да яе не дажыў. Я ад дзядзькі чула не раз, што трэба ўвекавечыць памяць. І я рада, што гэта адбылося, што створаны такі мемарыял. Нізкі паклон Беларусі", - не хавала эмоцый жыхарка Санкт-Пецярбурга.

У тым, што мемарыял дапаможа маладому пакаленню ўсвядоміць, якой цаной дасталася Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, перакананы ветэран Аляксей Галавацкі. "Мне ў маі будзе 98 гадоў. Кожны год мы прыязджалі сюды. І дзякуючы мемарыялу моладзь зможа даведацца, як здабывалася Перамога, у якіх умовах мы жылі", - лічыць ён.

Паводле слоў намесніка дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Канстанціна Мішчанкі, увогуле на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей у партызанскім руху ўдзельнічала не менш за 50 тыс. чалавек. "Іх уклад сапраўды значны, істотны. Гомельскімі партызанамі было знішчана каля 1,4 тыс. эшалонаў, разабрана 45 тыс. рэек, знішчана 189 танкаў, збіта 13 самалётаў", - пералічыў ён.

Намеснік дырэктара падкрэсліў, што паралельна з дыверсійнай дзейнасцю партызаны вялі і разведвальную. "Дзякуючы разведцы партызан Чырвоная Армія магла ажыццяўляць авіяналёты на розныя ўмацаваныя раёны, склады, знішчаючы жывую сілу, тэхніку праціўніка", - удакладніў Канстанцін Мішчанка.

Пасля цырымоніі адкрыцця комплексу ўвазе гасцей прапанавалі ваенна-гістарычную рэканструкцыю эпізоду партызанскага апалчэння і ўступлення ў бой з нямецкімі захопнікамі. Аб рабоце гомельскіх прадпрыемстваў, устаноў у агнявыя 1940-я расказала экспазіцыя "Альбом нашай памяці".

Партызанскі атрад "Бальшавік" быў утвораны 17 жніўня 1941 года. Фарміраванне народных мсціўцаў дыслацыравалася за некалькі кіламетраў ад шашы Гомель - Чарнігаў. Байцы атрада арганізоўвалі дыверсіі на чыгунках і асноўных аўтамагістралях. Разам з часцямі Чырвонай Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленчай аперацыі "Баграціён". Штогод на месцы дыслакацыі атрада сустракаюцца прадстаўнікі розных пакаленняў, успамінаюць мінулае, дзякуюць за Перамогу і мірнае неба над галавой.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ