Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Матэрыяльны бонус за работу прыемны, хоць і не першарадны - медсястра рэанімацыі

19.05.2020
19 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Матэрыяльнае заахвочванне і надбаўкі за работу ва ўмовах пандэміі прыемныя, хоць і не першарадныя. Такім меркаваннем падзялілася з карэспандэнтам БЕЛТА медсястра аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі Гомельскай абласной клінічнай бальніцы Ірына Сафонава.
Як прызналася медсястра, даплаты да зарплаты, прадугледжаныя ўказам Прэзідэнта нумар 131, сталі прыемным бонусам за работу з пацыентамі, заражанымі каранавіруснай інфекцыяй. "З фінансавага пункту гледжання нас падтрымалі. Прыемна, што ацанілі нашу працу. Усё як і абяцалі. Мы прывыклі бачыць на картцы адну суму, тут залічылі больш - у залежнасці ад стажу, катэгорыі, колькасці дзяжурстваў. Вядома, прыемна, што атрымалі такі бонус, але гэта не галоўнае. Немагчыма заставацца абыякавым у такой сітуацыі", - падкрэсліла дзяўчына.
Ірына Сафонава працуе ў аддзяленні два гады. Рэанімацыя для яе была ўсвядомленым выбарам пасля заканчэння медкаледжа ў Бабруйску. "Мне ўсё падабаецца. Я мэтанакіравана ішла менавіта ў такое складанае аддзяленне. У цяперашняй сітуацыі з COVID-19 крыху змянілася спецыфіка работы, але такая ж адказнасць. Часам бывае складаней, чым раней. Сітуацыі розныя, у залежнасці ад стану кожнага пацыента, ходу захворвання. У прамым сэнсе выратоўваем людзей", - падкрэсліла субяседніца.
За кожнай палатай замацавана па адной медсястры. "На гэты момант у сярэднім на кожную з нас - па тры пацыенты. Гэта можа здацца няшмат, але з улікам спецыфікі нашага аддзялення часам няма свабоднай хвіліны", - падзялілася Ірына Сафонава.
Спачатку прывыкалі да работы ў ахоўных касцюмах, акулярах і рэспіратарах: у такой амуніцыі раней не было неабходнасці. Для дзяўчат гэта стала дадатковым выпрабаваннем на вынослівасць. "Было няпроста: і дыхаць цяжка, і піць хочацца, і паесці. То нос закладвае, то ў роце перасыхае. І акуляры ціснулі, і сляды ад рызінак трох пар пальчатак заставаліся, былі і іншыя нюансы. Але ўсё гэта непакоіла толькі першыя змены. На гэтыя моманты проста не звяртаеш увагі, калі знаходзішся побач з чалавекам, якому патрэбна твая дапамога", - сказала медсястра.
"Мы разумеем, што захворванне можа закрануць любога. І на гэтым месцы ў рэанімацыі можа быць хто заўгодна: калега, хтосьці са сваякоў і блізкіх. Якія могуць быць нязручнасці? Увесь дыскамфорт адыходзіць на другі план, ідзеш і працуеш. Калектыў дружны і малады. Спраўляемся, падтрымліваем адзін аднаго", - сказала на заканчэнне Ірына Сафонава.
Паводле слоў галоўнага ўрача Уладзіміра Бугакова, нягледзячы на тое што асноўнай задачай Гомельскай абласной клінічнай бальніцы з'яўляецца аказанне спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі жыхарам рэгіёна, установа не засталася ў баку ад барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. "Цяпер наш калектыў працуе ў экстрэмальных умовах. Аказваем толькі профільную экстранную дапамогу. Планавая шпіталізацыя часова прыпынена. Вызваленыя койка-месцы перапрафіляваны ў інфекцыйныя, для лячэння пацыентаў з пацверджанай або магчымай каранавіруснай інфекцыяй. Створаны часовыя брыгады для аказання ім стацыянарнай дапамогі", - удакладніў ён.
234 супрацоўнікі бальніцы атрымалі надбаўкі да зарплаты згодна з указам Прэзідэнта нумар 131 "Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя". Як расказаў галоўны ўрач, за красавік ім у агульнай суме выплачана больш за Br72,5 тыс. "На сходзе калектыву растлумачаны механізм налічэння надбаўкі, дадзены адказы на агучаныя пытанні. У сувязі з павелічэннем у бальніцы колькасці пацыентаў з COVID-інфекцыяй і задзейнічаных на іх лячэнні супрацоўнікаў, сума заахвочванняў за май значна павялічыцца", - падкрэсліў Уладзімір Бугакоў.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ