Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Главная Навіны Грамадства

Грамадства

Каля 33 тыс. дзяцей плануецца аздаравіць у прышкольных лагерах Гомельскай вобласці


Гомель /Кар. БЕЛТА/. Каля 33 тыс. дзяцей плануецца аздаравіць у лагерах на базе ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці. Пра гэта паведаміла журналістам намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Жанна Ждановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пры ўстановах адукацыі будзе арганізавана звыш 1 тыс. аздараўленчых лагераў, у тым ліку каля 850 дзённага знаходжання і больш за 220 - кругласутачных. Таксама плануецца задзейнічаць і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі - цэнтры творчасці. Пры іх у летні час адкрыецца больш за 120 лагераў, у якіх з карысцю і пад наглядам дарослых правядуць час каля 3 тыс.дзяцей.
Некаторыя школьнікі змогуць паспрабаваць свае сілы ў той ці іншай прафесіі ў прафарыентацыйных лагерах, якія будуць працаваць практычна ў кожным раёне вобласці. "Прыходзячы на ферму, у розныя майстэрні, на прадпрыемствы, дзе магчымы доступ дзяцей, у гульнявой форме і пад наглядам арганізатараў яны могуць асвоіць асновы некаторых спецыяльнасцяў", - падкрэсліла Жанна Ждановіч.
Таксама амаль 3,5 тыс. навучэнцаў будуць часова "працаўладкаваныя" больш чым у 220 лагерах працы і адпачынку. Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі, пры прыцягненні падлеткаў да работ падчас летняй занятасці асаблівая ўвага будзе надавацца іх стану здароўя і ўмовам працы. Допуск да работ хлопцы атрымаюць толькі пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў, папярэдне прайшоўшы інструктаж і навучанне па ахове працы, атрымаўшы спецвопратку і, пры неабходнасці, індывідуальныя сродкі абароны.
Улічваючы цікавасць дзяцей, значна павялічана колькасць раённых, гарадскіх міжведамасных лагераў. Так, гэтым летам будзе адкрыта 136 такіх лагераў (112 - у 2018 годзе) больш чым для 3,7 тыс.дзяцей розных катэгорый (3 тыс. - у 2018-м), у тым ліку якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. Як паказвае практыка, дзеці з задавальненнем падключаюцца да мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў воінскіх часцей, пагрангруп, АУС, аддзелаў па НС, Асвода, дзіцячых і моладзевых арганізацый.
Галоўным упраўленнем адукацыі вобласці сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі і ведамствамі падрыхтавана і зацверджана Праграма па забеспячэнні занятасці дзяцей "Лета на карысць - 2019". У яе ўвайшлі звыш сотні розных мерапрыемстваў, уключаючы разнастайныя акцыі, конкурсы, рэгіянальныя злёты і інш.
Абвешчаныя такія абласныя акцыі, як "гісторыі нашага лета", "здаровае лета - Чыстая Зямля", "вялікімі крокамі па малой радзіме", "Медыялета". На думку Жанны Ждановіч, задзейнічаць пры гэтым неабходна розныя сродкі, у тым ліку і інтэрнэт-пляцоўку, без якой цяжка ўявіць жыццё сучаснай моладзі. Да прыкладу, падчас адной з акцый, прысвечанай Годзе малой радзімы, дзецям прапануюць зрабіць сэлфі на фоне мясцовага помніка і сцісла распавесці яго гісторыю ў сеткі. А "Медыялета" збярэ гісторыі падарожжаў падлеткаў.
"Гэтым летам дзеці будуць альбо адпачываць у прышкольных і загарадных лагерах, альбо будуць уцягнутыя ў розныя формы занятасці на аздараўленчых пляцоўках. Гэтая форма работы практыкуецца трэці год запар. Яна ўжо паказала сваю эфектыўнасць у сельскіх населеных пунктах, дзе няма ўстаноў адукацыі, а таксама аб'ядноўвае хлопцаў розных мікрараёнаў у вялікіх гарадах", - распавяла Жанна Ждановіч. Паводле яе слоў, галоўная задача ўсіх ведамстваў-зрабіць усё магчымае, каб лета прайшло для дзяцей бяспечна і з карысцю.-0-