Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Галоўная Навіны Эканомiка

Эканомiка

Узяць збожжа ў свае рукі

Нават пры самых добрых умовах уборачная — гэта заўсёды цяжкая праца і вельмі напружаны перыяд. А калі надвор’е не спрыяе ні вырошчванню, ні ўборцы ўраджаю, усё яшчэ больш складана. На жаль, менавіта па такім сцэнарыі развіваюцца падзеі гэтым летам. 

Напярэдадні ўборачнай гаспадаркі Гомельшчыны атрымалі амаль паўсотні новых камбайнаў.

За суткі высушваецца ў сярэднім 160—180 тон збожжа.

Тое, што ўборачная будзе няпростай, стала зразумела яшчэ да яе пачатку. Прычына нумар адзін — засуха, якая пачалася ўвесну і плаўна перайшла ў першы месяц лета. Менавіта тады, калі вільгаць пасевам жыццёва неабходная, — у перыяд наліву коласа. Адсутнасць дажджоў суправаджала анамальная спякота, якая на Гомельшчыне ў апошнія гады становіцца ледзь не кліматычнай нормай. Сёлета тэмпературныя рэкорды абнаўляліся не раз.  З-за спёкі частка збожжавых была пашкоджана або загінула цалкам. Некаторыя палі прыйшлося ў экстранным парадку перасяваць. Па гэтай жа прычыне ўборка пачалася раней, чым звычайна. І зноў нябесная канцылярыя паднесла непрыемныя сюрпрызы. Дажджы, якіх так чакалі ў чэрвені, пайшлі тады, калі яны толькі на шкоду. Але камбайнеры не могуць чакаць літасці ад прыроды. Іх задача — убраць хлеб. 

Ратавацца ад спёкі камбайнерам даводзіцца і такім спосабам.

КСУП «Урыцкае», узнагароджанне вадзіцеля Максіма ЛЕБЯШКОВА.

Варта адзначыць, напярэдадні старту ў плане тэхнічнай падрыхтоўкі было зроблена ўсё магчымае. Гаспадаркі вобласці атрымалі амаль 50 новых камбайнаў, набытых за кошт бюджэту ў агралізінг. Асобнай увагі заслугоўваюць машыны новага тыпу, якія выйшлі на некалькі палёў. Гаворка пра газаматорныя камбайны, сабраныя ў ААТ «Гомсельмаш». З-за розніцы ў кошце паліва іх эксплуатацыя значна таннейшая, чым звычайных аналагаў. Але якой бы дасканалай ні была тэхніка, канчатковы вынік залежыць ад людзей. Сельскія працаўнікі робяць усё, што могуць. У іх ліку — вадзіцель КСУП «Урыцкае» Максім Лебяшкоў. Ён адным з першых у Гомельскай вобласці перавёз тысячу тон збожжа з поля на элеватар. На стандартнае пытанне аб сакрэце поспеху Максім паціскае плячыма: 

— Працаваў і ўсё, не задумваючыся пра рэкорды. Рабіў сваю справу, стараўся перавезці збожжа без страт. Шкада толькі, што надвор’е не дазваляе працаваць на поўную сілу. Але ж нічога — прарвёмся, не ўпершыню.

Зернесушыльны комплекс агракамбіната «Паўднёвы», аператар сушыльнага абсталявання Віктар КУЧАРЭНКА.


Тое ж самае, шчыра кажучы, могуць сказаць на зернесушыльным комплексе агракамбіната «Паўднёвы». У разгар уборачнай праца тут ідзе днём і ноччу. Грузавікі адзін за адным прывозяць дзясяткі тон пшаніцы. Узважванне, выгрузка на складзе. Затым — прасушка. За суткі прасушваецца ў сярэднім 160—180 тон збожжа. Вытворчая магутнасць комплексу дазваляе сушыць і больш — аб’ёмы залежаць ад віду і ступені вільготнасці збожжа. Акрамя таго, тэрмаапрацоўка дапамагае пазбавіць яго ад смецця і насякомых. Назіраем за тым, як пры дапамозе «Амкадора» чарговая партыя апускаецца ў завальную яму. Аператар Віктар Кучарэнка старанна, да апошняга зярнятка падграбае рэшткі пластыкавай рыдлёўкай. Няпыльнай працу не назавеш — пылу шмат. Аднак Віктар не скардзіцца: 

— Гэта ўсё дробязі. Прывык даўно, нават не заўважаю. Галоўнае, каб збожжа добра прасохла. Бо столькі працы ўкладзена. У асобным памяшканні ажыццяўляецца кантроль. Уласна кажучы, уся лабараторыя месціцца ў кампактны апарат — аўтаматычны аналізатар. Менш чым праз хвіліну машына раздрукоўвае вынік на папяровым білеце. Выглядае ён, як звычайны магазінны чэк. 

Аўтаматычны аналізатар правярае вільготнасць збожжа менш чым за хвіліну.


Не менш важна забяспечыць правільныя ўмовы захоўвання збожжа. Гэтая праца будзе ісці яшчэ доўга пасля таго, як камбайны заглушаць рухавікі. Усё, што сабрана з такой цяжкасцю, павінна быць надзейна захавана. На сёння ў Беларусі намалочана больш за два мільёны тон збожжа. Амаль удвая больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Лідзіруе па намалоце Брэсцкая вобласць. А самая высокая ўраджайнасць на Гродзеншчыне. Тут убіраюць 39 цэнтнераў з гектара. Прытым што сярэдні паказчык па краіне — 33,2. Выраз «Бітва за ўраджай», які стаў клішэ яшчэ ў савецкія часы, самі сельскія працаўнікі не любяць. Якой бы напружанай ні выдалася ўборка, кажуць яны, да яе рыхтаваліся, і цяпер усё ідзе згодна з планам. 

І ўсё ж такі яны героі. Простыя героі краіны, засекі якой напаўняюцца з кожным днём.

SB.BY

Warning: Unknown: write failed: No space left on device (28) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/var/lib/php/sessions) in Unknown on line 0