Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Беларускія нафтавікі распрацавалі новы раствор для паскарэння бурэння

30.04.2020
Гомель /Кар. БЕЛТА/. Спецыялісты тампанажнага ўпраўлення "Беларуснафты" распрацавалі і ўкаранілі ў вытворчасць канцэптуальна новы буравы раствор. Ён дасць магчымасць паскорыць працэс бурэння надсалявых комплексаў і скараціць тэрміны будаўніцтва свідравін на радовішчах "Беларуснафты", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Каб атрымаць аптымальны састаў раствору, спецыялісты службы па сэрвісе прамывачных вадкасцей тампанажнага ўпраўлення правялі комплекс лабараторных даследаванняў і выпрабаванняў, дасканала вывучылі разрэз надсалявога комплексу, падабралі хімічныя рэагенты. На прадпрыемстве адзначылі, што гэта абсалютна новы інгібіруючы палімерны буравы раствор DIFS (Drilling Inhibitor Fluid System), які раней не прымяняўся на радовішчах у беларускім рэгіёне. "Мы змянілі тэхналогію падрыхтоўкі буравых раствораў. Хімічныя рэагенты, якія ў працэсе падрыхтоўкі не давалі магчымасці забяспечваць патрабаванні заказчыка да параметраў буравых раствораў, выключылі. Замянілі іх на больш якасныя. Перагледзелі і існуючыя рэцэптуры. У выніку новая рэцэптура пры першым прамысловым прымяненні паказала сябе ўжо з лепшага боку і дала магчымасць атрымаць станоўчы вынік", - расказаў кіраўнік службы па сэрвісе прамывачных вадкасцей тампанажнага ўпраўлення Антон Багамолаў.
Прамысловыя выпрабаванні новага раствору праводзілі з пачатку года. "Працавалі на свідравіне нумар 10 Карташоўскага нафтавага радовішча. У выніку доследна-прамысловых выпрабаванняў пацверджана эфектыўнасць рэцэптуры буравога раствору DIFS і мэтазгоднасць яго далейшага ўкаранення ў вытворчасць", - адзначыў вядучы інжынер службы па сэрвісе прамывачных вадкасцей тампанажнага ўпраўлення Міхаіл Гарбачоў.
За час доследна-прамысловых выпрабаванняў тампанажнікі дабіліся скарачэння напрацоўкі буравога раствору, значнага зніжэння аб'ёмаў яго падрыхтоўкі. Раствор рыхтаваўся на буравой, пры будаўніцтве свідравіны, без прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Вынік прымянення новай рэцэптуры - павелічэнне скорасці механічнай праходкі, змяншэнне сальнікаўтварэння, зніжэнне колькасці прафілактычных спускапад'ёмных аперацый.
Начальнік тампанажнага ўпраўлення Дзмітрый Маеўскі падкрэсліў, што ў "Беларуснафце" некалькі гадоў стаяла пытанне аб распрацоўцы буравога раствору, які даў бы магчымасць вырашыць пэўныя задачы пры бурэнні надсалявога комплексу Прыпяцкага прагіну. "Па выніках першага этапу прамысловых выпрабаванняў DIFS можна з упэўненасцю сказаць, што цыркулюючы агент апраўдаў чаканні і выканаў пастаўленыя задачы. Пасля завяршэння ўсіх выпрабаванняў і мерапрыемстваў мы маем намер выйсці на міжнародны рынак з сэрвісам па буравых растворах", - дадаў ён.
Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе, прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.-0-
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ