Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Галоўная Навіны Культура

Культура

Выстава "Мастацтва Палеха" адкрываецца 3 мая ў Гомелі

30 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава лакавай мініяцюры і вышыўкі "Мастацтва Палеха" з фондаў дзяржаўнага музея Палехскага мастацтва (Расія) адкрыецца 3 мая ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

Палех - пасёлак у Іванаўскай вобласці. Вядомасць яму прынёс іканапісны промысел, а пасля рэвалюцыі 1917 года тут арганізавалі арцель па размалёўцы вырабаў з пап'е-машэ і страчавышывальную арцель, затым пераўтвораную ў фабрыку.

У экспазіцыі гамяльчане і госці горада ўбачаць больш за 80 размаляваных работ, створаных пачынаючы з 1930-х гадоў: шкатулкі, куфэркі, брошкі, бранзалеты, бісерніцы і інш. Таксама на выстаўцы будуць прадстаўлены некалькі дзясяткаў вышываных прадметаў: ручнікі, накідкі, сукенкі, касцюмы і г.д.

"Кожная рэч унікальная, - расказалі ў карціннай галерэі. - Майстры пры размалёўцы ніколі не паўтараюць сваіх кампазіцый. Калі і выбіраецца адзін і той жа сюжэт, то разнастайныя па форме і памеры рэчы абавязваюць аўтара шукаць новыя рашэнні". Сюжэты мініяцюр пераняты са штодзённага жыцця, казак, былін, песень, літаратурных твораў. Работы звычайна выконваліся тэмпернымі фарбамі на чорным фоне з прымяненнем тваронага золата.

Што датычыцца вышыўкі, то ў ёй найбольш распаўсюджаны ўступчаты ромб або квадрат, якія называюцца "кубанцамі", што выкарыстоўваліся ў лічыльнай вышыўцы гладдзю.

Азнаёміцца з работамі палехскіх майстроў у Гомелі можна будзе да 30 чэрвеня.

Арганізуюць экспазіцыю карцінная галерэя Г.Х.Вашчанкі і дзяржаўны музей Палехскага мастацтва.-0-