Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Галоўная Навіны Культура

Культура

Скульптар Дзмітрый Папоў перадасць 17 работ у дар Палацу культуры чыгуначнікаў у Гомелі

26 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстаўка скульптара Дзмітрыя Папова "Гомелю з любоўю" адкрываецца сёння ў Палацы культуры чыгуначнікаў імя У.І.Леніна ў Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў культурна-спартыўным комплексе РУП "Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі".

Тэматычна экспазіцыю можна падзяліць на некалькі блокаў. Так, серыя работ прысвечана чарнобыльскай тэматыцы ("Боль Чарнобыля", "Піета" і інш.). Асобным блокам прадстаўлены партрэты вядомых людзей. Вобразы жанчын можна будзе ўбачыць у такіх творах, як "Паўднёвы вецер", "Элегія".

Калекцыю з 17 работ скульптар перадасць у дар Палацу культуры чыгуначнікаў імя У.І.Леніна, адзначылі субяседнікі.

Таксама ўвазе гледачоў прапануюць фотападборку мемарыяльных дошак аўтарства Дзмітрыя Папова і падрыхтаваныя ім медалі.

У час цырымоніі адкрыцця экспазіцыі скульптар раскажа аб сваім творчым шляху, аб працэсе стварэння работ, адкажа на пытанні гасцей. Таксама свае нумары падораць творчыя калектывы КСК.

Дзмітрый Папоў нарадзіўся 25 кастрычніка 1938 года ў Балградзе Адэскай вобласці. Спецыяльную адукацыю атрымаў у Кішынёўскім мастацкім вучылішчы і ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Майстар працуе ва ўсіх відах скульптуры: ад дробнай пластыкі да манументальных твораў. Дзмітрый Папоў - аўтар шэрага помнікаў і памятных знакаў загінулым савецкім воінам і мірным жыхарам, помнікаў на месцы былых канцлагераў. Ён таксама з'яўляецца стваральнікам мемарыяльных дошак выдатным асобам: вучоным, пісьменнікам, выдатным грамадскім дзеячам і г.д. Творы скульптара былі прадстаўлены на выставх у Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Латвіі, Польшчы, Германіі і іншых краінах. Работы Дзмітрыя Папова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, ва ўстановах у Малдове, Расіі, у прыватных калекцыях.

Выстаўка "Гомелю з любоўю" будзе працаваць на працягу двух месяцаў. Посля гэтага яго творы зоймуць пачэснае месца ў інтэр'ерах Палаца культуры чыгуначнікаў імя У.І.Леніна.-0-

Апошнія навіны

Усе навіны