Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Меню
Главная Навіны Культура

Культура

Прэм'еру спектакля "Павятовы лекар" паводле апавядання Франца Кафкі рыхтуе Гомельскі маладзёжны тэатр

Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры рыхтуюць прэм'еру спектакля на беларускай мове "Павятовы лекар" паводле апавядання Франца Кафкі "Ein Landarzt", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Алена Маставенка.

 

Галоўнага героя, вясковага доктара, пасярод ночы выклікаюць да хворага дзіцяці. Урач сумняваецца, ці варта ехаць за 10 міль у непагоду да пацыента, які, хутчэй за ўсё, не такі ўжо і хворы. Аднак сітуацыя складваецца такім чынам, што ва ўрача не застаецца выбару. Практычна супраць сваёй волі ён вымушаны апынуцца ўдалечыні ад дома, дзе з ім адбываюцца падзеі, стаць удзельнікам якіх ён зусім не разлічваў.

 

"Ein Landarzt", на думку многіх крытыкаў, - адзін з несумненных шэдэўраў Франца Кафкі, дзе сюррэалістычная аснова сюжэту пераплятаецца з пытаннямі, на якія не даюцца гатовыя і простыя адказы. Аўтар ставіць няпростыя загадкі і дылемы, з якімі мы ўсе так ці інакш сустракаемся ў жыцці. "Дзе адбываецца дзеянне - у рэальнасці або свеце, дзе галоўны герой спрабуе разабрацца з унутранымі праблемамі? Наблізіцца да разумення таго, што адбываецца, можна будзе, акунуўшыся ў атмасферу кафкіянскага свету, паставіўшы сябе на месца лірычнага героя ў час спектакля, у якім кожная дэталь невыпадковая і сімвалічная", - падзялілася Алена Маставенка.

 

Франц Кафка - нямецкамоўны пісьменнік, якога называюць адной з ключавых фігур літаратуры XX стагоддзя. Творы аўтара аб'ядноўваюць у сабе элементы рэалістычнага і фантастычнага, расказваюць пра герояў, што трапілі ў невырашальныя, абсурдныя абставіны, якія на першы погляд не паддаюцца логіцы.

 

Пераклад і драматургічную інтэрпрэтацыю спецыяльна для гомельскай пастаноўкі выканала Ірына Герасімовіч. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля - Юра Дзівакоў, мастак - Таня Дзівакова. "Гэта рэжысёрска-пастановачная група вядома гледачам маладзёжнага тэатра спектаклем OEDIPUS, які стаў намінантам Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2018 года ў намінацыі "Лепшы эксперыментальны спектакль". Сам жа Юра Дзівакоў стаў лаўрэатам у намінацыі "Лепшая работа рэжысёра ў тэатры лялек", - нагадала дырэктар тэатра.

 

У пастаноўцы заняты акцёры Дзмітрый Попчанка, Вікторыя Паланцэвіч, Ліза Астрахава, Валерыя Лагута.

 

Прэм'ерныя паказы запланаваны на 22, 23 сакавіка.-0-